«ПЯ́ТЫ ПОЛК» (шталаг №313) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 на паўн.-зах. ускраіне г. Віцебск для масавай загубы сав. ваеннапалонных на тэр. б. сав. ваен. гарадка 5-га чыг. палка. За калючым дротам утрымлівалася адначасова да 40 тыс. вязняў. У сак.—крас. 1943 сюды змясцілі каля 20 тыс. грамадзян горада і навакольных вёсак, схопленых у часы аблаў. Пасля знішчэння ваеннапалонных лагер выкарыстоўвалі да лют. 1944 як перасылачны, потым як лагер для цывільнага насельніцтва. Праз лагер прайшло больш за 150 тыс. чал., з іх загублена больш за 80 тыс., у т. л. каля 12 тыс. мірных жыхароў. 3.6.1944 сав. войскі вызвалілі каля 8 тыс. чал. На месцы лагера помнік на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму.
Літ.:
В памяти народной. Мн., 1969;
Витебск: Энцикл. справ. Мн., 1988. С. 215.
В.М.Кучарэнка.
т. 13, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)